Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Шклоўскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Рэспублiкi
22 красавіка 2018

У Беларусі разгледзяць увядзенне новага віду крымінальнай адказнасці за продаж кантрафактнага алкаголю


23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праваахоўнікі разгледзяць магчымасць увядзення крымінальнай адказнасці да прадаўцоў кантрафактнага алкаголю пры лятальных выпадках, звязаных з ужываннем. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў часова выконваючы абавязкі па пасадзе намесніка начальніка ўпраўлення - начальнік першага аддзела першага ўпраўлення ГУБЭЗ МУС Беларусі Аляксандр Пагоскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта пытанне будзе разглядацца ў рамках комплексу мер, які распрацаваны МУС са Следчым камітэтам, Дзяржаўным мытным камітэтам і Дзяржпагранкамітэтам, сказаў Аляксандр Пагоскі. "Будзем разглядаць пытанне аб мэтазгоднасці ўвядзення крымінальнай адказнасці за вытворчасць, збыт або ўвоз на тэрыторыю Беларусі кантрафактнага і фальсіфікаванага этылавага спірту, алкагольнай і спіртазмяшчальнай прадукцыі, учынены ў буйным памеры групай асоб, дзеянні якіх прывялі па неасцярожнасці да смерці", - растлумачыў ён.

"Гэта толькі пакуль абмеркаванне. Усё на стадыі прапрацоўкі, сама ідэя ўвядзення такой адказнасці ўзнікла каля месяца таму. І звязана гэта з лібералізацыяй бізнесу: магчыма, арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) будзе скасаваны. Да адказнасці ж цяпер прыцягваюцца тыя, хто ўвозіць вялікія партыі і атрымлівае з гэтага даход", - адзначыў прадстаўнік МУС.

Паводле яго слоў, увоз нелегальнага алкаголю ў Беларусь актывізаваўся ў 2010 годзе. У асноўным гэта спіртазмяшчальная прадукцыя з Расіі з тэхнічным спіртам. Аднак у Беларусь трапляе і ўжо гатовая кантрафактная гарэлка, разлітая па бутэльках з сучасным дызайнам, а таксама "дублікаты" элітнага алкаголю - танныя падробкі дарагога спіртнога. "Варта адзначыць, што за апошнія гады ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнага факта рэалізацыі нелегальнага алкаголю і "дублікатаў" у афіцыйнай рознічнай сетцы", - сказаў Аляксандр Пагоскі.

"Мы штодзень працуем у барацьбе з кантрафактам сумесна з падатковай інспекцыяй, Міністэрствам аховы здароўя, Дзяржстандартам, мытнымі і пагранічнымі органамі. Зусім нядаўна распрацаваны новы комплекс мер па спыненні ўвозу і абароту нелегальнага алкаголю і кантрафактнай прадукцыі", - падкрэсліў Аляксандр Пагоскі. Ён таксама дадаў, што праваахоўнікі супрацоўнічаюць з расійскімі калегамі: перадаюць інфармацыю аб размяшчэнні незаконных вытворчасцей алкагольнай прадукцыі ў Расіі. І па гэтых даных прымае меры ўжо расійскі бок.

Па факце нелегальнага абароту алкагольнай прадукцыі ў 2017 годзе было складзена амаль 2 тыс. адміністрацыйных пратаколаў, канфіскавана 319 тыс. л спірту і спіртазмяшчальнай прадукцыі, больш за 49 тыс. л лікёра-гарэлачнай прадукцыі. Формулы ацэнкі таго, якую частку ад усяго нелегальнага алкаголю складае канфіскаванае, няма. Але, паводле грубых ацэнак, затрыманы незаконны алкаголь складае прыкладна 2 працэнты ўсяго кантрафактнага спіртнога.

Загадчык Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэфенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей Кралько адзначыў, што медыкаў праблема кантрафактнага алкаголю хвалюе ў сувязі з двума напрамкамі. Першы - улік долі незарэгістраванага алкаголю ў агульным спажыванні, другі - смяротнасць ад ужывання. "Усё гэта патрэбна для маніторынгу і выпрацоўкі адпаведных мер. У апошнія гады мы сутыкнуліся з праблемай таго, што няма дакладнай методыкі разліку спажывання незарэгістраванага алкаголю. Факты паводле даных праваахоўных органаў мы бачым, але гэта, вядома, не ўвесь незаконны алкаголь, якія спажываецца", - сказаў медык.

"З дапамогай статыстычных метадаў рэгрэсіўнага аналізу мы ацэньвалі ўзровень выпадковых атручэнняў алкаголем і ўзровень алкагольных псіхозаў. Больш таго, у 2016 годзе і пачатку 2017 было праведзена так званае STEPS-даследаванне. Тады мы атрымалі аб'ектыўныя даныя, заснаваныя на апытаннях насельніцтва, таму нам удалося ў канцы 2017 і пачатку 2018 сумесна са спецыялістамі Белстата разлічыць узровень незарэгістраванага алкаголю ў Беларусі і нават запярэчыць Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Згодна з нашымі падлікамі і ацэнкай іх экспертамі СААЗ, спажыванне незаконнага алкаголю на душу насельніцтва старэйшага за 15 гадоў склала 1,5 л. Гэта ў сярэднім за 2015-2017 гады. Напрыклад, у перыяд 2009-2011 гадоў СААЗ прыводзіла даныя ў 3 л", - паведаміў Аляксей Кралько.

Паводле слоў урача, большасць смярцей пры выпадковым атручэнні алкаголем звязана са спажываннем кантрафакту. "На працягу апошніх гадоў гэты паказчык зніжаецца. У 2017 годзе ён склаў 14,6 на 100 тыс. насельніцтва. Але гэта ўсё роўна немаленькі працэнт. Важна міжведамаснае ўзаемадзеянне. Праводзіцца вялікая работа, і поспехі ёсць", - падкрэсліў медык. Па гэтым пытанні, хутчэй за ўсё, будзе распрацоўвацца дадатковы комплекс мер.-0-

Навіны Беларусі

Да спіса навін