Рус
Eng
Бел

Прыёмная райвыканкама

Адрас райвыканкама:
213010, г. Шклоў, вул. Ленiнская, 76
Тэлефон/факс прыёмнай:
8 (02239) 7-81-15
E-mail: rik@shklov.gov.by

Рэгiёна

12 чэрвеня 2017

Зарэгістраванае беспрацоўе ў Беларусі захоўваецца на ўзроўні 0,9 працэнта

12 чэрвеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі за май бягучага года не змяніўся - ён складае 0,9 працэнта эканамічна актыўнага насельніцтва рэспублікі (на 1 чэрвеня мінулага года гэты паказчык складаў 1,1 працэнта). Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун.

Зарэгістраванае беспрацоўе за май гэтага года знізілася на 0,1 працэнтнага пункта ў Брэсцкай (да 1,1 працэнта), Гомельскай (да 1 працэнта), Гродзенскай (да 0,9 працэнта), Мінскай (да 0,8 працэнта) абласцях, у Мінску (да 0,4 працэнта). У Віцебскай і Магілёўскай абласцях зарэгістраванае беспрацоўе захавалася на ранейшым узроўні (адпаведна 1,1 працэнта і 1 працэнт).

Паводле слоў Алега Такуна, у летнія месяцы традыцыйна ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя крыху зніжаецца. Гэта абумоўлена ажыўленнем часовых і сезонных работ, а таксама ростам попыту на рабочую сілу ў цэлым. Так, за год амаль у 1,5 раза ўзрасла колькасць вакансій: на 1 чэрвеня 2016 года іх было менш як 34,8 тыс., а на 1 чэрвеня 2017-га - 50,1 тыс. Дарэчы, павялічыўся попыт па рабочых прафесіях з 51,6 працэнта да 54,5 працэнта.

Як сведчыць аналіз сітуацыі на рынку працы рэгіёнаў рэспублікі (іх 128) на 1 мая бягучага года, узровень беспрацоўя быў 1 працэнт і ніжэйшы ў 86 рэгіёнах Беларусі; 1,1-1,5 працэнта - у 41 рэгіёне; звыш 1,5 працэнта - у Маладзечанскім раёне (2 працэнты).

"Сітуацыя ў сферы занятасці і беспрацоўя ў бягучым годзе характарызуецца павелічэннем колькасці зваротаў у службу занятасці за садзейнічаннем у працаўладкаванні, ростам рэгістрацыі беспрацоўных і попыту на рабочую сілу, змяншэннем колькасці беспрацоўных, якія стаяць на ўліку, зніжэннем каэфіцыента напружанасці і ўзроўню зарэгістраванага беспрацоўя", - сказаў прадстаўнік міністэрства.

Так, у студзені-маі бягучага года звярнуліся за садзейнічаннем у пошуку рабочага месца 108,3 тыс. чалавек - на 9,3 працэнта больш да адпаведнага перыяду мінулага года. Большасць з іх (78,3 тыс.) былі прызнаны беспрацоўнымі. Што датычыцца рэгістрацыі ў службе занятасці насельніцтва вызваленых работнікаў, то ў студзені-маі пастаўлена на ўлік у якасці беспрацоўных 934 чалавекі, якія страцілі рабочае месца ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, скарачэннем колькасці або штату работнікаў (у студзені-маі мінулага года - 1 377 чалавек).

Колькасць беспрацоўных, якія стаяць на ўліку, за год зменшылася на 25,7 працэнта і склала на 1 чэрвеня бягучага года 37 482 чалавекі. Каэфіцыент напружанасці на рынку працы рэспублікі знізіўся за год з 1,5 да 0,7 беспрацоўнага на адну вакансію, а магчымасць умоўнага працаўладкавання ўзрасла ў два разы - з 68,9 працэнта да 133,6 працэнта. У Брэсцкай вобласці на кожную вакансію ўмоўна прэтэндавалі 1,1 беспрацоўнага; у Віцебскай - 1,2; у Гомельскай - 0,8; у Гродзенскай - 0,6; у Мінскай - 0,7; у Магілёўскай вобласці - 0,8; у Мінску было 0,5 беспрацоўнага на вакансію.

На створаныя рабочыя месцы і існуючыя вакансіі пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкавана на пастаянную работу 66,6 тыс. чалавек, з іх 50,8 тыс. беспрацоўных. Аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 7,3 тыс. беспрацоўных, якія маюць дадатковыя гарантыі занятасці.

У студзені-маі арганізаваны ўдзел у аплатных грамадскіх работах (АГР) 27,3 тыс. чалавек, у тым ліку 23,1 тыс. беспрацоўных. Ва ўсіх гарадах рэспублікі дзейнічаюць інфармацыйныя пункты, дзе можна атрымаць не толькі інфармацыю аб відах АГР, але і накіраванне для ўдзелу ў іх (прычым яно выдаецца і тым, хто зарэгістраваны ў службе занятасці, і тым, хто раней туды не звяртаўся). У асноўным выконваюцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторый і сельгасработы. Фінансаванне мерапрыемстваў па арганізацыі АГР ажыццяўляецца за кошт сродкаў наймальнікаў, у інтарэсах якіх арганізуюцца гэтыя работы, сродкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Дадатная дынаміка назіраецца і па прафнавучанні: за пяць месяцаў бягучага года прайшлі навучанне запатрабаваным на рынку працы спецыяльнасцям або павысілі існуючую кваліфікацыю 4,1 тыс. чалавек (на 30 працэнтаў больш у параўнанні са студзенем-маем мінулага года). Накіраванне на навучанне атрымалі ў бягучым годзе 5,7 тыс. чалавек (на 11,4 працэнта больш), што склала 5 працэнтаў ад колькасці маючых патрэбу ў працаўладкаванні беспрацоўных (пры гадавым заданні 4,5 працэнта).

На новае месца жыхарства і работы ў гэтым годзе пераселена 69 сем'яў беспрацоўных, з іх у Віцебскай вобласці - 29. Субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці, а таксама дзейнасці ў сферы аграэкатурызму прадастаўлены 792 беспрацоўным. Адаптацыю да працоўнай дзейнасці праходзілі 233 інваліды.

Рэалізацыя мер актыўнай палітыкі занятасці ў бягучым годзе будзе прадоўжана ў адпаведнасці з падпраграмай "Садзейнічанне занятасці насельніцтва" дзяржпраграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады. Сярод асноўных задач падпраграмы - забеспячэнне збалансаванасці попыту і прапанавання рабочай сілы на рынку працы, садзейнічанне павышэнню якасці працоўных рэсурсаў і росту канкурэнтаздольнасці рабочай сілы, стымуляванне эканамічнай актыўнасці насельніцтва, уключэнне ў працоўную дзейнасць эканамічна неактыўнага насельніцтва (інваліды, жанчыны, якія маюць малалетніх дзяцей, асобы пенсійнага ўзросту і інш.), удасканаленне інстытуцыянальных, арганізацыйных і фінансавых механізмаў садзейнічання занятасці насельніцтва. На рэалізацыю падпраграмы ў 2017 годзе прадугледжваецца накіраваць Br38,9 млн, у тым ліку Br38 млн са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі.

На рэалізацыю мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва ў 2016 годзе зрасходавана звыш Br28,7 млн.-0-

Навіны Беларусі

Iнтэрнэт - рэсурсы