Рус
Eng
Бел

Прыёмная райвыканкама

Адрас райвыканкама:
213010, г. Шклоў, вул. Ленiнская, 76
Тэлефон/факс прыёмнай:
8 (02239) 7-81-15
E-mail: rik@shklov.gov.by

Рэгiёна

18 верасня 2018

Мастакі з васьмі краін прымуць удзел у пленэры ў Магілёўскай вобласці

19 верасня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. У Магілёве 23 верасня будзе дадзены старт XXIII Міжнароднаму пленэру па жывапісе "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве". У гэтым годзе яго прысвецяць 200-годдзю з дня нараджэння вядомага рускага партрэтыста беларускага паходжання Сяргея Заранкі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава Аляксандр Хахракоў.

Больш за 20 таленавітых жывапісцаў з Беларусі, Расіі, Кітая, Украіны, Ізраіля, Арменіі, Азербайджана і Грузіі наведаюць малую радзіму Сяргея Заранкі - в.Ляды ў Віцебскай вобласці, дзе ўскладуць кветкі да мемарыяльнай дошкі мастака і будуць працаваць над эцюдамі. Асноўны час для творчасці госці, як вядомыя майстры пэндзля, так і маладыя мастакі, правядуць на Магілёўшчыне.

У Слаўгарадскім раёне мастакі пазнаёмяцца ў мясцовым музеі з экспазіцыяй майстра партрэта Фёдара Тулава, наведаюць і ўскладуць кветкі да яго магілы на гарадскіх могілках, а таксама папрацуюць у маляўнічым наваколлі знакамітай Блакітнай крыніцы (помнік прыроды рэспубліканскага значэння). Майстроў пэндзля чакае вялікая экскурсія па Мсціслаўі і раёне з наведваннем Пустынскага манастыра. Яны таксама прымуць удзел у адкрыцці мемарыяльнай дошкі мастаку-авангардысту Ізраілю Басаву (ураджэнец Мсціслаўя) і пазнаёмяцца з выставай работ майстра у раённым гісторыка-археалагічным музеі, прадастаўленай яго сынам Мацвеем Басавым. Акрамя таго, удзельнікі пленэру пабываюць на канцэрце Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, які пройдзе ў час фестывалю мастацтваў імя Мікалая Чуркіна.

Вядомымі мастакамі будуць таксама напісаны два партрэты выдатных магілёўскіх музыкантаў-дырыжораў Генадзя Багамолава і Сяргея Лішчэнкі. Іх і іншыя творы можна будзе ўбачыць на падагульняючай выставе пленэра, якая адкрыецца 3 кастрычніка ў абласным мастацкім музеі. Паводле існуючай традыцыі, па тры палотны мастакі падораць у фонды ўстановы культуры.

"Мы пастараемся зрабіць усё магчымае, каб час, праведзены таленавітымі мастакамі на магілёўскай зямлі, ім запомніўся, натхніў на напісанне шэдэўраў, - адзначыў Аляксандр Хахракоў. - Важна, што пленэр аб'ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і рэлігій, дзякуючы гэтаму адбываецца культурнае ўзаемаўзбагачэнне, што садзейнічае развіццю мастацтва, умацаванню дружбы і супрацоўніцтва паміж рознымі краінамі і народамі".

Пленэр некалі пачынаўся як беларуска-расійскі, а вырас да міжнароднага ўзроўню. З кожным годам расце яго папулярнасць. Пра яго ведаюць не толькі ў блізкім, але і далёкім замежжы. Многія вядомыя мастакі імкнуцца сюды прыехаць, каб сустрэцца з калегамі, абмяняцца вопытам і атрымаць творчае натхненне.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI

Iнтэрнэт - рэсурсы